Загад міністэрства адукацыі для ўнутранага карыстаньня.


Выйшаў загад міністра адукацыі А. Радзькова "Аб мерах па недапушчэньні спробаў уцягваньня навучэнцаў і студэнтаў у супрацьпраўную дзейнасьць палітычнага толку". Дакумэнт для службовага карыстаньня тлумачыць парадак правядзеньня ідэалягічнай працы са студэнтамі і навучэнцамі вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў, а таксама вызначае асабістую адказнасьць кіраўнікоў органаў упраўленьня адукацыі і ўстановаў адукацыі "за факты ўдзелу навучэнцаў і студэнтаў ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, супрацьпраўных дзеяньнях".

Загад падрыхтаваны галоўным іспэктарам упраўленьня сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктарам Якжыкам. У дакумэнце ён адзначае, што ў асяродку навучэнцаў краіны шырокай падтрымкай карыстаецца палітыка прэзыдэнта Беларусі А. Лукашэнкі. "Разам з тым, у апошні час зафіксаваныя асобныя выпадкі ўдзелу навучэнцаў і студэнтаў у несанкцыянаваных акцыях апазыцыі. [...] Асобныя з радыкальна настроеных навучэнцаў і студэнтаў спрабуюць прапагандаваць свае палітычныя погляды сярод аднагодак", — гаворыцца ў загадзе.



У мэтах нэўтралізацыі спробаў уцягненьня навучэнцаў і студэнтаў у супрацьпраную дзейнасьць палітычнага толку, прадухіленьня магчымасьці для "дэструктыўных сілаў" справакаваць пратэстныя формы паводзінаў моладзі чыноўнікам сыстэмы адукацыі неабходна стала вывучаць стан і аказваць усякае пазытыўнае ўзьдзеяньне на фармаваньне палітычных поглядаў і сьветаўспрыманьня навучэнцаў. Сярод іншых мераў узмацненьня прэвэнтыўна-папяраджальнай накіраванасьці ідэалалагічнай і выхаваўчай працы рэкамэндуецца ўвядзеньне ў выхаваўчы працэс "праграмаў і курсаў, накіраваных на фармаваньне законапаслухмяных паводзінаў, уменьняў супрацьстіаяць дэструктыўнаму ўплыву". "У бібліятэках, інтэрнатах навучальных установаў арганізаваць сталыя выставы літаратуры, інфармацыйныя стэнды па прапагандзе прававых ведаў, дасягненьняў у сацыяльна-эканамічным разьвіцьці краіны. Кіраўніцтву навучальных установаў неабходна забясьпечыць неабходны кантроль за зьместам нагляднай агітацыі, сьценнага друку, студэнцкіх і внушных газэтаў, за карыстаньнем сеткі Інтэрнэт". "Неабходна пашырыць практыку стварэньня ва ўстановах адукацыі саветаў і камісіяў па прадухіленьні супрацьпраўных і аддыктыўных паводзінаў навучэнцаў і студэнтаў, арганізаваць улік і індывідуальную работу з навучэнцамі і студэнтамі, схільнымі да зьдзяйсьненьня супрацьпраўных учынкаў". "Неабходна зрабіць усё магчымае, каб у студэнцкіх аўдыторыях не было месца для антыдзяржаўнай рыторыкі ікрытыканства". Гэта цытаты з дакумэнту, падпісанага міністрам адукацыі.



Найбольш важным пунктам дадзенага загаду зьяўляецца абавязковасьць правядзеньня службовых расьсьледаваньняў па фактах удзелу навучэнцаў і студэнтаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах, якія праводзяцца апазыцыйнымі арганізацыямі. Таксама абавязковымі становяцца наданьне "прынцыповай адзнакі" такіх дзеяньняў і "меры выхаваўвага ўдзеяньня аж да адлічэньня ва ўстаноўленым парадку з ліку навучэнцаў і студэнтаў асобаў, якія ўдзельнічаюць у несанкцыянаваных мерапрыемствах, зьдзяйсьняюць супрацьпраўныя дзеяньні ў грамадзкіх месцах".



Абсалютна вытлумачальнымі становяцца факты шматлікіх адлічэньняў з ВНУ нібыта за "акадэмічную непасьпяховасьць". Беларускіх студэнтаў пазбаўляюць магчымасьці атрыманьня адукацыі ў выхаваўчых мэтах.



Аляксей Трубкін,

Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў

www.bsa.org.by

























Bookmark and Share